А́ДРАСНАЯ МО́ВА ў вылічальнай тэхніцы, фармальная мова для апісання працэсаў пераўтварэння інфармацыі ў ЭВМ. Кожны элемент інфармацыі адпавядае пэўнаму адрасу (напр., нумару ячэйкі памяці ЭВМ); некаторыя адрасы могуць адпавядаць інш. адрасам. Напр., калі элемент інфармацыі (адрас) b адназначна адпавядае адрасу a, то ў адраснай мове гэта запісваецца формулай a=b (адрасная функцыя). Вылічэнне новых значэнняў і іх засылка на пэўныя адрасы задаюцца адраснай формулай (2 адрасныя функцыі, злучаныя знакам засылкі =>). Запіс b => a азначае, што элемент b засылаецца на адрас a, пасля чаго a=b. Адрасны алгарытм (паслядоўнасць адрасных формул і інш. сімвалаў) спец. праграмамі-транслятарамі пераўтвараецца ў праграму на мове ЭВМ.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)